Перайсці да зместу

Мсціслаў Аляксандравіч Кулаеў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мухаметхан Сахіпгарэевіч Кулаеў
башк.: Мөхәммәтхан Сәхипгәрәй улы Ҡулаев
Сцяг Старшыня Башкірскага Урада Сцяг
студзень 1919 — сакавік 1919
Папярэднік Бікбаў, Юнус Юлбарысавіч
Пераемнік пасада упрезденена; Юмагулаў, Харыс Юмагуловіч (як Старшыня Башрэвкама)

Нараджэнне 8 лютага 1873(1873-02-08)
вёска Зіянчурына, Орскі павет, Арэнбургская губерня
Смерць 1958(1958)
Казань, РСФСР
Адукацыя Казанскі ўніверсітэт
Узнагароды
медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»

Мухаметхан Сахіпгарэевіч Кулаеў (башк.: Мөхәммәтхан Сәхипгәрәй улы Ҡулаев; 18731958) — дзяржаўны і грамадскі дзеяч, удзельнік Башкірскага нацыянальнага руху, Старшыня Башкірскага Урада, вучоны-філолаг і даследчык башкірскай мовы, урач, доктар медыцынскіх навук.

Паходзіў з усерганскіх башкір, нарадзіўся 25 студзеня (8 лютага па новым стылі) 1873 года ў вёсцы Зіанчурына Орскага павета Арэнбургскай губерні (цяпер Кувандыцкі раён Арэнбургскай вобласці).[1] Спачатку вучыўся ў медрэсе пры мячэці ў роднай вёсцы, а праз два гады перайшоў у руска-башкірскую школу. Пасля яе заканчэння ў 1886 годзе паступіў у Арэнбургскую гімназію. Скончыўшы навучанне ў гімназіі ў 1896 годзе, паехаў у Казань для паступлення на медыцынскі факультэт Казанскага ўніверсітэта. Але іншародцам, нехрысціянам доступ быў туды зачынены, і таму ён вырашыў перайсці ў праваслаўе, хрысціўся ён проста ў святара ўніверсітэцкай царквы і стаў Мсціславам Аляксандравічам.

У 1902 годзе атрымлівае дыплом лекара і прызначаецца доктарам у шпіталі горада Казань. У 1910 годзе атрымлівае ступень доктара медыцынскіх навук. Акрамя медычнай навукі займаецца вывучэннем фанетычнага ладу і граматыкі башкірскай мовы. З’яўляецца аўтарам алфавіту і буквара для башкір на рускай графічнай аснове і 1912 выдае кнігу «Асновы гукавымаўлення і азбука для башкір».

У 1913 годзе быў накіраваны на ўрачэбную працу ў горад Варшава. З пачатку Першай сусветнай вайны аж да Кастрычніцкай рэвалюцыі і выхаду Расіі з вайны з Германіяй служыў галоўным урачом 275-га палявога шпіталя Паўднёва-Заходняга фронту. Пасля пачатку рэвалюцыі вяртаецца ў Казань, затым у Арэнбург па запрашэнні Старшыні Башкірскага Урада Шарыфа Ахметавіча Манатава. З гэтага моманту пачынае актыўна ўдзельнічаць у Башкірскім нацыянальным руху.

Пасля пачатку перамоваў з Савецкімі ўладамі аб пераходзе Башкірскага Войска ў бок Чырвонай Арміі, у вёсцы Цемясава 26 студзеня 1919 года адбылася рэарганізацыя Башкірскага ўрада. Яго новым старшынёй быў абраны М. А. Кулаеў, а А.-З. Валідаў — стаў камандуючым Башкірскім войскам. Гэты ўрад і імкнуўся аформіць аўтаномію ўжо ў Савецкай сістэме. Башкірскі ўрад накіраваў сваю дэлегацыю ў Маскву ў складзе старшыні Башкірскага ўрада М. Кулаева, члена Башкірскага ўрада Мулаяна Халікава і камандзіра Башкірскага Войска Абдрашыта Бікбавава для перамоў аб утварэнні Башкірскай аўтаномнай рэспублікі.

У выніку 20 сакавіка 1919 года ў Маскве было падпісана Пагадненне цэнтральнай Савецкай улады з Башкірскім Урадам аб Савецкай Аўтаномнай Башкірыі. Гэты гістарычны акт з боку Савецкага ўрада падпісалі старшыня Саўнаркама У. І. Ленін, в.а. старшыні УЦВК Міхаіл Уладзімірскі і наркамнац І. В. Сталін, з башкірскага боку — старшыня Башкірскага ўрада М. Кулаеў, член Башкірскага цэнтральнага шуро М. Халікаў і ад’ютант Башкірскага войска А. Бікбаваў.[2]

Пасля вяртання з Масквы М. Кулаеў адпрасіўся з’ездзіць у Казань да сям’і і захварэў там на сыпны тыф, праляжаў у бальніцы і назаўсёды застаўся там, адышоў ад вялікай небяспечнай палітыкі, заняўся ўрачэбнай дзейнасцю, вольны час аддаваў вывучэнню праблем роднай мовы.[3] Ім выдадзены працы: «Пра гукі башкірскай мовы» (1928), «Цвёрды алфавіт башкірскай мовы» (1928), і «Пра дзеясловы башкірскай мовы» (1930). Нявыдадзенымі засталіся «Башкірска-рускі слоўнік», «Сінтаксіс башкірскай мовы» і «Сістэма сінтаксісу ў усерганскай гаворцы».

Памёр у 1959 годзе.[4]

Зноскі

  1. Парламентаризм в Башкортостане (PDF). Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2013.
  2. К 90-ЛЕТИЮ СО ДНЯ ПРОВОЗГЛАШЕНИЯ СОВЕТСКОЙ АВТОНОМИИ БАШКОРТОСТАНА. Республика Башкортостан. — «Первый опыт договорных отношений .На пути к созданию республики существовало множество преград: Истории образования Башкортостана и других национальных субъектов нынешней Российской Федерации несколько различаются. Как известно, автономные республики, округа и области РСФСР создавались декретами центральной советской власти. Только одна республика — Автономная Башкирская Советская Республика — была образована на основе соглашения центральной власти с региональной, то есть правительства РСФСР с Башкирским правительством.»  Праверана 13 сакавіка 2019.
  3. Учёный, политик и врач
  4. Знатные люди усярганцев » Новости Уфы, главные новости Башкортостана(недаступная спасылка). Bash-Portal.Ru. Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2019. Праверана 13 сакавіка 2019.
  • Баишев М. Деревня Зианчурино Орского уезда Оренбургской губернии // Записки Оренбургского Отдела Императорского Русского Географического Общества. Петербург, 1895.
  • Касимов С. Ф. Автономия Башкортостана. Уфа: Китап, 1997.
  • Ураксин З. Г. Тәҙрә уйыусы // Уфа: Китап, 2015.